КРЫТЫ́ЧНЫ РЭАЛІ́ЗМ,
літаратурнамастацкі кірунак 19—20 ст., у якім праўдзівае гістарычна канкрэтнае адлюстраванне рэчаіснасці спалучаецца з крытыкай сац.-паліт. сістэмы або яе асобных праяў як антыгуманных, неспрыяльных для гарманічнага развіцця асобы і грамадства. Ад папярэдніх гіст. форм рэалізму (рэнесансавага, асветніцкага) адрозніваецца канкрэтнасцю маст. аналізу грамадскага быцця, раскрыццём яго сац. супярэчнасцей і канфліктаў. Мастацтва К.р. не абмяжоўваецца выяўленнем прыгожага і ўзнёслага, раскрывае сутыкненне носьбітаў ідэалаў дабра, справядлівасці і красы з агідным і нізкім, глыбока даследуе трагічнае і камічнае ў жыцці. Элементы К.р. характэрныя для ўсіх этапаў развіцця маст. культуры ад антычнасці да нашага часу, аднак ён сфарміраваўся як тэарэтычна абгрунтаваны асобны метад, кірунак і тып творчасці ў 19 ст. Называўся «натуральнай школай» або крытычным кірункам у л-ры і мастацтве. Тэрмін «К.р.» сфармуляваў М.Горкі (1934). Ступень выяўлення крытыка-рэаліст. плыні залежыць ад спецыфікі і структуры вобразнай сістэмы пэўнага віду і жанру мастацтва: найб. у л-ры (проза, публіцыстыка, літ. крытыка), выяўл. мастацтве (сюжэтна-тэматычная карціна, графіка); найменш у лірыцы, музыцы, балеце. Гл. таксама ў арт. Рэалізм (у л-ры і мастацтве).
У.М.Конан.
т. 8, с. 522
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)